ЗЯМНА́Я ВОСЬ, вось вярчэння Зямлі,

умоўная прамая, вакол якой адбываецца поўны абарот Зямлі на працягу сутак; праходзіць цераз цэнтр Зямлі і перасякае зямную паверхню ў геагр. полюсах. Становішча З.в. ўскладняецца павольным паваротам яе па кругавым конусе (поўны абарот адбываецца за 26 тыс. гадоў — прэцэсія) і хістаннем восі з перыядам 18,6 года (нутацыя), змяняецца адносна цела Зямлі (сярэдняе становішча Паўн. полюса перамяшчаецца ў бок Паўн. Амерыкі са скорасцю 11 см/год). Нахілам восі вярчэння да плоскасці арбіты Зямлі (экліптыкі) тлумачыцца змена пораў года.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)